Чарговыя разборкі з прадстаўніком дыпляматычнае місіі замежнай краіны выклікаюць толькі агіду. Агідна нават не проста глядзець гэтыя крыва сфабрыкаваныя кадры і слухаць паскудныя камэнтары. Агідна робіцца жыць у такой краіне, якая ў духу найдзічэйшых і найпрымітыўных плямёнаў грэбуе агульна прынятымі прынцыпамі міжнародных стасункаў. Да такой брыдоты, здаецца, нават у СССР зь ягонай маразматычнасьцю не даходзілі.
Адметна, што найчасьцей ахвярамі такіх "палёных" скандальчыкаў робяцца дыпляматы з краінаў новых сябраў Эўразьвязу. Гэта і зразумела, бо нарывацца на больш моцных геапалітычных гульцоў, з улікам іх патэнцыйнага ўплыву на Расею і эканамічнай магутнасьці, урадавым структурам Беларусі ня вельмі хочацца. А вось напаскудзіць бліжэйшаму суседу, які і тэрыторыяй ня большы, ды і ў эўраструктурах так вольна сябе не пачувае,- гэта заўсёды прыемна. Усё гэта нагадвае паводзіны маленькага брахлівага сабачкі, які гаўкаецца ды кусаецца толькі з кацянятамі, а ў прысутнасьці вялікіх зьвяроў сьціпла круціць хвосьцікам.
Між іншым, а ці не трапляюць дзеяньні беларускай дзяржтэлевізіі сумесна з міністэрствам замежных справаў пад дзеяньне новаўведзенага артыкула крымінальнага кодэксу аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларсуь? Бо ці можна яшчэ больш ганьбіць сваю ўласную дзяржаву, чым гэта робяць вышэйазаначаныя дзяржструктуры?